Як старанна люстэрка не тры...
Як старанна люстэрка не тры,
Як не лайся на пыл і на жонку,
Але кім сябе бачыш знутры,
Тым, на жаль, не з’яўляешся звонку.
І не стома – прычына таму,
І не крэмаў благіх ужыванне.
Проста ты ўласны твар акунуў
У сапраўднае адлюстраванне.
Ухапіўшы ўсе рысы твае,
Бы праводзячы дбайную зверку,
Без ілжывасці перадае
Непадкупнае фота – люстэрка.
Там не ўбачыш душы маладосць –
Толькі твар… і мяшкі… і маршчыны.
Сівізны ўжо прыпыленасць ёсць…
Але што – сівізна для мужчыны?
І на твары не толькі гады,
Што праз пальцы пяском праляцелі,
Але й моцных пачуццяў лады,
І нястрыманых думак фартэлі,
І пяшчотнай усмешкі святло,
І рамантыкі подых вясновы,
І натхнёнага духа чало…
Дык нашто тыя з выглядам змовы?
Кінь люстэрка! Хай гарам гарыць!
Ну навошта ўглядацца вачыма,
Калі ўсё, што нязменна – ўнутры,
А што звонку – праносіцца міма?
Пераклад. Б. Пастарнак. "Недатыка й ціхоня..."
Недатыка й ціхоня – як ёсць –
зараз ты ўся – агонь-аганёчак.
Дай замкну я тваю прыгажосць
у цямніцу – у верш-церамочак.
Паглядзі, як гульнёй агнявой
азарае "арандж" абажура
край акна, падаконнік, пакой,
нашы цені і нашы фігуры.
Ты з нагамі крыж-накрыж сядзіш
на тахце – па турэцку, няйначай, –
і ляпечаш – о, мой ты малыш! –
аба ўсім ну зусім па-дзіцячы.
Задуменная, ніжаш на ніць
жменьку пацерак – як жа парвалі?! –
і спрабуеш са мной гаварыць
пра дарослыя рэчы рэалій.
Кажаш, пошлае слова – “любоў”?
Я прыдумаю назву другую
і ўвесь свет – мора створаных слоў,
як захочаш ты, перайменую.
Ды не выдасць твой сумны выраз
пачуцця невычэрпнага залеж –
твайго чуйнага сэрцайка пласт.
Ну навошта ты вочы хаваеш?
15.06.2013
Б. Пастернак "Недотрога, тихоня..."
Недотрога, тихоня в быту,
Ты сейчас вся огонь, вся горенье,
Дай запру я твою красоту
В темном тереме стихотворенья.
Посмотри, как преображена
Огневой кожурой абажура
Конура, край стены, край окна,
Наши тени и наши фигуры.
Ты с ногами сидишь на тахте,
Под себя их поджав по-турецки.
Все равно, на свету, в темноте,
Ты всегда рассуждаешь по-детски.
Замечтавшись, ты нижешь на шнур
Горсть на платье скатившихся бусин.
Слишком грустен твой вид, чересчур
Разговор твой прямой безыскусен.
Пошло слово любовь, ты права.
Я придумаю кличку иную.
Для тебя я весь мир, все слова,
Если хочешь, переименую.
Разве хмурый твой вид передаст
Чувств твоих рудоносную залежь,
Сердца тайно светящийся пласт?
Ну так что же глаза ты печалишь?
1956
Зляпіў Бог чалавека...
Зляпіў Бог чалавека. І падзьмуў –
І дух жыцця ўдыхнуў нябозе ў цела,
І ўклаў лампадку розуму яму
І сэрца – каб пачуццямі трымцела.
Даў рукі, ногі, вочы, вушы ў дар,
Падкінуў розных талентаў сто порцый
І ў свет яго адправіў: ” Уладар!
І будзь маім наступнікам-сутворцам !”
Старанны чалавек абжыў зямлю,
Пачаў ствараць мастацтва апантана:
На сценах у пячорах крэмзаў ню,
Лупіў у скураныя барабаны .
Пасля прыйшла чарга другіх прылад.
Танчэлі, прыгажэлі фарбы, гукі.
Мелодыі пісаліся для свят,
Карціны ратавалі ад дакукі.
Ды Божы люд ад Бога адышоў,
Убіўся ў круг відовішч сатанінскіх.
Усё ганебней сталі сцэны шоў,
Усё адмоўней новых твораў рысы.
Сутонне зацягнула белы свет.
Святла ўсё менш, вакол – адныя здані.
Нашто жывем? Каб быць вытокам бед?
Пытанні… Безадказныя пытанні...
Няўжо сляпымі сталі мастакі,
Глухімі – літаратары, музыкі?
Ці іх задавальняе стан такі:
Агульны цемрашал і шабаш дзікі?
Ссыхае сэрца, чэзлая душа
Забылася, якой была калісьці…
Мастацтва! Ці ты вартае граша,
Калі не ратаванне ты, не выйсце?
15.03.2012
Графаманю цішком...
Графаманю цішком – і каюся
Над чарговым слабенькім творам:
У які радок ні ўчытаюся,
Паліць сорам – вялікі сорам!
Ад натхнення сябе хаваючы,
Зачыняю ўсе вокны-дзверы.
Заракаюся, прысягаючы,
Не пісаць – і не буду. Верыш?
16.04.2012
Як адчайна рыдае гітара...
Як адчайна рыдае гітара!
Я такога не чула ніколі!
Бы аплаквае ўсе мае мары:
Аб каханні, аб шчасці, аб долі.
Распачаўшы, самотна ўздыхае
І ўздымае журботную хвалю.
Не прылада – істота жывая,
Што заходзіцца ў плачы ад жалю.
Раздзірае мелодыяй сэрца,
Мурашамі, марозам – па скуры.
Вадаспадам узбуджаных тэрцый
Набалелае, горкае бурыць.
І спявае, і шэпча, і стогне,
І ў запале ўсё некуды кліча –
І туга адступае і глохне,
Захлынуўшыся срэбрам крынічным.
Калі гэтак гітара іграе –
Боль сваімі пакутамі глушыць
І так шчыра усім спагадае –
Спачуваннем вылечвае душы.
Узбуджае ў паніклых надзеі,
Удыхае ў знясіленых сілы…
Як пажар, над зямлёй палымнее
І ўздымае ў нябёсы, бы крылы…
Ці казка, ці быль...
Сястрыца неяк Янку павучала:
“Калі адчуеш смагу летнім днём,
Не пі з капытца, брацік, што папала!
Аслухаешся – станеш казлянём!”
Ды дзе там! Быў малеча гэткі неслух!
Наўмысна нахіліўся – і папіў.
І раптам сапраўды ў яго палезлі
Маленечкія вострыя ражкі!
Памацаў галаву хлапец рукою:
“Ну нарабіў я сам сабе - бяды!
Алёнушка! Сястрыца! Што са мною?!
Няўжо так застанецца назаўжды?”
Прайшлі гады, аселі за плячыма.
Забыўшы пра гаротнасці свае,
Іван – зусім дарослы, ўжо мужчына.
Нібы ваду, гарэлку ў горла лье.
Пра рожкі, ім схаваныя ў валоссях,
Забыліся і жонка, і радня.
Цяпер ужо яны Івана просяць:
“Не пі! Спіртное зваліць і каня!”
Але ж ці нехта п’яніцу стрымае?
Ды ён яшчэ ў маленстве спрытны быў!
Так п’е! Хаця і сілы ўжо не мае,
І нават на галоўку стаў слабы.
Співаецца, нібыта кім закляты.
А рогі, хай нябачна, ды растуць.
Калі ж ідзе па вуліцы "паддаты",
Яго казлом часцей ужо завуць.
Ды той казёл не можа ўжо спыніцца
І збавіцца ад прозвішча свайго…
Мараль: ”Не піце, дзетачкі, з капытца –
Бо п’янства пачынаецца з яго!”
Калі ж адолеў нехта гэты вершык,
Дазвольце наўздагон яшчэ дадаць:
“Малодшым трэба слухацца старэйшых,
Каб потым у жыцці не бедаваць!
Пераклад верша "Штык" Уілфрэда Гібсана
Вось гэты штык
Яго працяў.
Страшэнны крык
Свет узарваў.
Я падляцеў -
А ён, жывы,
Мне ў твар глядзеў...
Без галавы...
Я галаву
Яму прыклаў.
Ён здрыгануў-
Ся і сканаў...
Адмыўся штык...
Ды Божа мой! -
Страшны той крык
Дасюль са мной...
Wilfred Wilson Gibson (1878-1962)
The Bayonet
This bloody steel
Has killed a man.
I heard him squeal
As on I ran.
He watched me come
With wagging head.
I pressed it home
And he is dead.
Though clean and clear
I've wiped the steel
I still can hear
That dying squeal.
http://allpoetry.com/user/show/Wilfrid_Wilson_Gibson?page=1
Памяці паэтаў...
Зноў смерць, касой махнуўшы, сее гора.
Зноў – боль і скону парасткі – крыжы.
Па тым, хто жыў на гэтым свеце ўчора, –
Памінкі і аплакванне душы…
Так рана – недаспелыя калоссі!
Так хутка – а што бачылі ў жыцці?
Іх нават не кранула сцюжай восень,
А ўжо яны – туман у небыцці.
Чаму? Ды вось такімі маладымі –
Калі яшчэ так многае маглі б?!
Ці неба, распасцёртае над імі ,
Прыцягвае найлепшае з зямлі?
А мо іх вабіць ззянне дальніх зорак?
Ці кліча плынь забыўнасці-ракі?
Паэты, кампазітары, акцёры,
Артысты, рэжысёры, мастакі…
Чаму?! Не дапісаўшы, не дапеўшы,
Жыццё не далюбіўшы і жанчын,
Пакінуўшы пачуцці ў сваіх вершах,
Мелодыях і дзеяннях карцін…
Пайшлі. Няўжо настане новы ранак?
Без іх няўжо снягі вясной збягуць?
Чаму іх забіраюць нечакана
І часу развітацца не даюць?!
Але… наўрад ці нам адкажа Ойца…
На жаль, таго не дадзена спазнаць.
А мо Ён так збірае лепшых творцаў,
Каб іншы свет на небе апяваць?
13.07.2910
Сярэднявечча...
Сярэднявечча… Поўнач Англіі… Дарога...
Ускрай абочыны ледзь цягнецца жабрак...
Выходзіць з лесу Робін Гуд… І мех у ногі
Шпурнуўшы беднаму вандроўцу, кажа так:
-Я – Робін Гуд - той, хто багацце адымае
Ў людзей багатых і бяднейшым аддае -
Тым, хто дабра амаль ніякага не мае...
Вазьмі мяшэчак – у ім золата – твае.
Жабрак – у шоку: “Ну няўжо пашанцавала?!
Цяпер я казачна багаты! Дзякуй, Бог!”
Ды Робін Гуд махнуў мячом – і цела ўпала…
І ў жабрака забраў ён золата мяшок.
-Я – Робін Гуд - той, хто багацце адымае
Ў людзей багатых і бяднейшым аддае -
Тым, хто дабра амаль ніякага не мае...
Ты стаў багатым? Ўжо багацце - не твае...
Сцішэлі водгукі вайны…
Сцішэлі водгукі вайны.
Зжаўцелі фота – у альбомах.
А маці тыя ж бачыць сны –
Як сын вяртаецца дадому.
Вось там, далёка, між палёў…
Хто гэта там сцяжынкай крочыць?
Сыночак! Родненькі! Дамоў!
Нарэшце, ён! Не маняць вочы!
Хаця ў іх ява – туманом ,
Яны ўглядаюцца ў прастору…
А як чакала! Дзень за днём!
А колькі слёз праліла – мора!
Усё глядзела ўскрай сяла,
Не зачыняла нават дзверы.
Чаканнем толькі і жыла,
Ды успамінамі, ды верай.
Любоў да сына праз гады,
Нібы паходню, ціха несла.
Яно – у сэрцы назаўжды,
І там яму не будзе цесна.
Няўжо пачуў малітвы Бог,
Пашкадаваў: ”Матуля, годзе!”?
Няўжо жывы яе сынок,
Нібыта ў цемру не сыходзіў?!
Душа ірвецца ўжо ляцець
І ледзь трымаецца за цела.
Хутчэй да сыначкі – сустрэць!
Ды ногі квёлыя здранцвелі…
Яна крычыць: “Сыночак мой!”
Хусцінку сцягвае на плечы.
Змятае сон. А перад ёй –
Ізноў… тужлівая пустэча…
Сэрца засціла слота...
Сэрца засціла слота,
Захлынула самота.
Дождж у тысячы ботаў
Снег у кашу таўчэ.
І, ўздыхаючы ўпотай
Над маёй адзінотай,
Затапляе гаротай,
Спачуваннем цячэ…
Ой ты, долюшка-доля –
Непатрэбная воля!
Не сустрэну ніколі
Погляд, мне дарагі.
Стогне вецер ад болю
Над спустошаным полем,
Дзе былога вуголле
Пахавалі снягі.
Ці душа скамянела?
Ці пад саванам – цела?
Тую радасць, што мела
Не змагла зберагчы.
У расстанні здзічэла –
Стала глебай збялелай,
Ад тугі звар’яцелай
У бясконцай начы.
Не чакаю нікога.
Не жадаю нічога.
Перад светам і Богам,
Нібы ў споднім, стаю...
Снег засыпаў дарогі,
Замяцеліў парогі...
Ну каму мне пад ногі
Кінуць долю сваю?