That's Me

Раман Тармола-Мірскі.

mirski.jpg

А Вы чыталі вершы Рамана Тармолы-Мірскага? Не? Пачытайце абавязкова!

***

Калі ўсе спалены масты
Наўкол ні кладачкі, ні броду
Глядзі ў сябе, нібыта ў воду,
І радуйся , што ты ў ёй - ты.
Што твае думкі пры табе
(На свеце ж гэтулькі бяздумных)
І што табе з табой не сумна
У тваёй пасткавай журбе.
Што ў рэчцы, па якой Харон
Цябе ўсё ж перавозіць будзе,
Якіх толькі няма карон -
Там цуд валяецца на цудзе!
Тады табе, як прасцяку,
Падасца нават пекла раем:
Кампаніі такой не маем
На прыжыццёвым на вяку.

***

Зоркi ў небе вясной карагодзiлi.
Я к табе на спатканне ляцеў.
Нада мной твае вочы ўзыходзiлi -
I рабiлася ноч карацей.
I рабiлася ночка вiдушчаю,
Хоць ты пацеркi росаў збiрай,
Ад тваiх ад вачэй незаплюшчаных
Пачынаўся жыцця небакрай.
Шчасце, дзе ты? На чым спатыкнулася?..
Абгавор нас развёў? Загавор?
Ты чаму да мяне не памкнулася?..
Нада мной нi вачэй больш, нi зор.
Што было – адплыло... Не паўторыцца…
Вечны боль адно мучае ў сне:
Па начам шызакрылая горлiца
Б’ецца крыламi ў белым акне.
За якiмi, скажы, краявiдамi
Ты знайшла для душы супакой,
Што зрабiла з жаночаю крыўдаю,
Дзе пярсцёнак ты кінула мой?..
Цi з высокае кручы над Нёманам,
Цi ў бяздонне сардэчнай журбы?
Божа мiлы, як трэба не многа нам,
Закахацца каб… i разлюбiць.

***
На лапах трох скакаў сабака
З такой пакутай на вачах...
Слёз не было, а позірк плакаў.
Не білі больш, а ён крычаў.
Ён прыпыняўся, азіраўся,
Залашчваў і залізваў боль.
І лапа зноўку валаклася
І валакла боль за сабой.
Яна вісела, як пытальнік...
Двухногія не раз, не два
Услед глядзелі спачувальна,
А ім - трохлапы спачуваў...
Не скардзіўся ён Чалавеку,
Ды чулі ўсе ягоны ўздых:
Якім патрэбна быць калекам,
Каб пакалечыць так другіх.
І аб'ядноўвала ўсіх гора.
Хаця ўсе розныя... Хаця
У кожнага свая апора,
Калі пакуты боль працяў.

***

Астудзі мае шчокі далонямі,
Утаймуй у вачах аганькі,
Прыручы мае рукі няўлоўныя
Да ўласных – спакойных тваіх.

Ты жанчына – і можаш ты многае.
Я ж і ўласнае сэрца палю...
Будзь са мною і добрай і строгаю,
Ды ніколі халоднай, малю!

Я такой не ўяўляю любімую,
Як парой уявіць не магу –
Не ў палёце крыло галубінае,
Ды гаёў салаўіных тугу.

Астудзі мае шчокі далонямі,
Утаймуй у вачах аганькі,
Прыручы мае рукі няўлоўныя,
Да ўласных – спакойных тваіх.

***
Некалі у клетках на базарах
Будуць нас натоўпу выстаўляць.
З надпісам: "На роднай мове мараць.
Могуць песні родныя спяваць".

Будуць кідаць нам цукеркі дзеці,
Як па крузе ганьбы павязуць.
І адзін з мільёна мо прыкмеціць
Родную ў вачах чужых слязу...

Раман Якубавіч Тармола-Мірскі нарадзіўся 04.04.1936 г. у гарадскім пасёлку Мір Карэліцкага раёна Гарадзенскай вобласці ў сям'і рамесніка.
У 1960 г. скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута. Працаваў старшым рэдактарам, загадчыкам літаратурна-мастацкага аддзела, галоўным рэдактарам літаратурна-драматычных праграм, каментатарам па літаратуры і мастацтву Беларускага тэлебачання. З 1977 г. сябра сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі мастацкіх фільмаў кінастудыі «Беларусьфільм», з 1980 г. - сябра сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі тэлевізійных фільмаў Беларускага тэлебачання. Сябра СП СССР з 1964 г.

Першыя творы апублікаваў у 1957 г. («Настаўніцкая газета», «Чырвоная змена»).
Аўтар кніг паэзіі
«Асколкі і росы» (1964),
«Поўня» (1966),
«Абнаўленне» (1968),
«Міранка» (1971),
«Побач» (1974),
«Павага» (1976),
«Зямное - зямному» (выбранае, 1979),
«Вобразы вечара» (1982),
«Толькі б дагаварыць» (1986),
«Спрадвечнасць» (выбранае, 1989).
Выдаў кнігі для дзяцей «Каго баяцца ў лесе» (1973), «Казкі-падказкі» (1984).
Напісаў сцэнарыі дакументальных фільмаў «Людзям сябе пакажы» (зняты ў 1973), «Я не самотны... Максім Багдановіч» (зняты ў 1982), тэлеспектакля «Зачараваны Валерка» (пастаўлены ў 1976).

Не стала яго 25 чэрвеня 2011 г. Пахаваны ў п.Мір.

  • Гады творчасці
 
  • Апошнія водгукі
 
  • Нашыя сябры
 

Нашыя праекты