Вершы Святланы Куль -- спрэс асалода. Мудрасць і пачуццё, слова і музыка. І вобразы, вобразы, вобразы... Раней я ўжо змяшчала вершы Святланы:
http://lightynna.ru/blogi/vershy-tayamn-chaga-paet
http://lightynna.ru/blogi/kali-b-ya-byla-charaunik
А вось -- яе новы твор:
Святлана Куль
Мы келіх з табою не вып'ем адзіны,
Не будзем у радасці разам і ў горы,
Мы побач дрэйфуем, нібыта ільдзіны
У нашым жыццёвым забруджаным моры.
Наш бераг далёка, ды ён пакручасты,
І б'юцца аб бераг імклівыя хвалі,
А нас над вадою - дзявятая частка,
Астатняе воды марскія схавалі.
Ільдзіна твая, як мая, не растане,
А што пад вадою - схавана навечна.
Ды ўжо не адзіны разбіўся Тытанік
З якім выпадкова мы мелі сустрэчу.
І цягнуцца шлейфам за намі абломкі
Пачуццяў расколатых неасцярожна.
Нам там, пад вадою, бывае няёмка,
Затое наверсе - і лёгка, і гожа.
Плывём і не просім у мора падтрымкі,
Не верым ні ў байкі, ні ў мары, ні ў казкі.
Ды толькі чакае сустрэчы з Гальфстрымам,
Пад стылай вадою схаваная частка.
23.04.13.
ajsa