That's Me

Вершы ТАЯМНІЧАГА ПАЭТА

poeta_casa.jpg

Ці Вам прыходзілася калісьці сутыкацца з вершамі ТАЯМНІЧАГА ПАЭТА?
Не? Тады зараз Вы маеце магчымасць зрабіць ГЭТА!

Як і ўсё таямнічае, сустрэча з ТАЯМНІЧЫМ ПАЭТАМ адбылася ў мяне таямнічым чынам. Проста ў адзін шчаслівы дзень хтосьці завітаў на старонку 29 тэмы
"Верш прыгожа ўспыхнуў і згарэў..." ў раздзеле "Літаратура" на ФОРУМАХ сайта www.tut.by: http://forums.tut.by/showthread.php?t=10209150&page=29

Здарылася гэта зусім нядаўна ( 17.07.2011), але, здаецца, прайшло амаль жыццё - жыццё з шыкоўнымі вершамі АЙСА ( так назваў сябе іх аўтар).

Нават не буду каментаваць тэматыку, стыль, форму і змест гэтых сапраўды шэдэўраў ( ва ўсякім выпадку, для мяне). Заходзьце, чытайце, атрымлівайце асалоду, забыўшы падчас чытання пра ўсё астатняе, што здаецца побач з гэтымі творамі мітуснёй.

А вось - некалькі вершаў знаёмага незнаёмца Айса:

Верш са стар 38: http://forums.tut.by/showthread.php?t=10209150&page=38

Рыдала маці на труне,
А сон чароўным быў і зыбкім,
І ў дзівосным гэтым сне
Яму прымроілася Скрыпка.
Амаль нячутная была,
І з нейкай вышыні крылатай
Яна звала яго, звала
Настойлівымі pizzicato.
Ужо адплакана імша,
І ксёндз сказаў :"Ite, missa est"
Не адыходзіла душа -
Ён слухаў, як Яна спявае.
Ў сваёй дзіцячае труне,
Ён быў і д'яблам, і святыняй...
Капрыз на прывіднай струне
Іграў маленькі Паганіні.

22.11.08

Заўвагі аўтара:

Калі Паганіні было 10 год, ён ўпаў у летаргічны сон. У час пахавання, калі труну закрывалі, нехта заўважыў, як ён варухнуў пальцам. Паганіні ўвёў у тэхніку ігры піцыката левай рукой. Граў на адзінай скрыпке, якую ахвяраваў Генуі, каб болей ніхто на ёй не граў. :"Ite, missa est" - "ідзіце, імша скончана" - заключныя словы каталіцкай імшы.

Верш са стар.33 http://forums.tut.by/showthread.php?t=10209150&page=33

Памерлыя хаціны,
на плошчы - чарнабыл:
Прыехаў у мясціны
Дзе я ў маленстве быў.

Язьмін, шыпшына, мальвы -
Здзічэлы палісад,
Амаль што пахавалі
Бабулін дом і сад.

За домам, дзе прысады,
Віецца дзікі хмель
І спіць, згубіўшы статак,
Драўляны журавель.

Нявідная палоска,
Як рыска на вадзе -
Сцяжына цераз вёску
На могілкі вядзе.

Пайду па той сцяжыне,
Калі б і не хацеў
Праз водар канюшыны,
Пад конікавы спеў.

Ля самага ўскраю,
Дзе паламаны плот,
Шалёны бэз буяе
Ужо не першы год.

У бэзавай альтане
Дзе жоўтыя пяскі
Шаптуху пахавалі
Калісці землякі.

Над хворымі шаптала,
На жыта ў палях,
Ды цяжка памірала-
Здымалі з хаты дах.

Не зарастае глеба,
Прахнеюць рушнікі -
Мо,не прасціла неба
Яўдохіны грахі.

Ці то з другой прычыны -
Наспела паміраць,
А не было жанчыны -
Замовы перадаць.

Ні ўнучкі, ні нявесткі -
А два былі сыны,
Адзін ляжць пад Брэстам,
Другі- каля Дзісны.

У бэзавай альтане,
Дзе жоўтыя пяскі
Замовы пахавалі
З шаптухай землякі.

Як некалі - малеча,,
Я не стрымаю слез:
Яўдохін бэз ўсё шэпча
На мой шчаслівы лёс

Верш са стар.35: http://forums.tut.by/showthread.php?t=10209150&page=35

КАРОЛЬ І КАВАЛЬ

Кароль у пушчы бавіў дзень,
Лася асочнікі загналі,
Харты раз'юшана брахалі ,
Стагнаў знясілены алень.

Тарпанаў тропілі паны -
Удалыя у пушчы ловы!
Ды вось бяда - згубіў падкову
У ягомосця вараны.

- Дзе тут каваль, - кароль злуе ,
Абозны ўзвіўся: ў пары вёрстаў
Ёсць неблагі каваль у вёсцы,
Мо, варанога падкуе.

Кунтушы, пёры, жупаны -
Па сенажаці, бы па шляху
Пыхлівым велічным аршакам
Ляцяць да вёсачкі паны.

Палае ў горане агонь,
Каваль рукасты і рахманы
Загад выконвае вацьпана-
Каб не кульгаў любімы конь.

Кавадла, малаток, чакан.
Нішто яму - скаваць падкову,
Ухналь - і той ужо гатовы,
Хай задаволіцца вацьпан.

Чым да каня, - кароль сказаў,
Перш пакажы сваю работу -
Ці то падкова? Дрэнь , брыдота!
Я, бач, ў руках яе зламаў!

Прыдомак "Моцны" - Аўгуст меў,
Бо гнуў падковы для забавы,
А не за тое, што дзяржаву,
Ператварыў у брудны хлеў.

І зноў у горане агонь,
Каваль рукасты і рахманы
Загад выконвае вацьпана-
Каб не кульгаў любімы конь.

Ужо чацьвёртая ляціць
У горан гнутая падкова,
Забава лепшая за ловы-
З кавальскае работы кпіць.

- Ды годзе! Вечар на двары.
Якая ёсць - мацуй, галгане!
А за работу - срэбрны талер
Ад ласкі панскае бяры.

Каваль вацьпанскі талер ўзяў,
І, пакруціўшы з неахвотай,
Сказаў - "Агідная брыдота!"-
І у далоні разламаў.

З рукі ў чорных мазалях,
Дзьве палавінкі ад партрэта-
На-паў зламаная манета -
Ляцелі ў ногі караля.

Заўвагі аўтара:

У аснове - гістарычны факт. Выяву аднаго з герояў далучаю. Кароль РП Аўгуст ІІ Моцны.

Верш са стар 39 http://forums.tut.by/showthread.php?t=10209150&page=39&f=27

***

Мае сябры адзін па аднаму
Няўхільна адыходзяць ва ўспаміны.
Так склаўся лёс. Напэўна, так павінна.
Ды кожны з іх няведама чаму
З сабой уносіць ад мяне часціну.

Мяне ўсё болей там, а меней тут,
Бо кожны адыход мяне нявечыць.
Там, пэўна, ім шчаслівей і бяспечней,
Там, пэўна, ні турбот і ні пакут,
І час там вымяраюць словам "вечнасць".

Мяне без іх усё меней на зямлі,
Мізэрней думкі і мацней правіны,
Нарэшце буддзе нейкая гадзіна -
Я зразумею - ўсё маё ўзялі,
Тады і я з сабой вазьму часціну.

23.08.11

Вельмі кранулі цудоўныя вершы

Вельмі кранулі цудоўныя вершы