That's Me

Прывітанне

arbol_luminoso.jpg

Вітаю Вас на паэтычнай старонцы Таццяны Дзям'янавай.

Тут Вы можаце пазнаёміцца з маімі вершамі, наведаць блог і пачытаць апошнія творы.

Якія я пішу вершы? Якія пішуцца: тут ёсць і памылкі, і моўныя неахайнасці, і стылістычныя недарэчнасці. Але гэта – маё.
Я – не паэтка, я толькі вучуся. Спадзяюся, што расту і колькасць вершаў-недарэкаў будзе паступова змяншацца.

Буду ўдзячна ўсім чытачам за парады і за крытычныя заўвагі.

Хварэю я. Ды дзіўная хвароба!
З такой, напэўна, доўга не жывуць.
Бяда мая – не вірусы-мікробы,
А вершы, вершы, вершы – каламуць.

Сваволяць, бы гарэзлівыя дзеці:
Натхненне падхапіўшы, нібы мяч,
Ірвуцца з ім гуляць па Інтэрнэце,
Не слухаюць мяне, ну хоць ты плач!

Пільную іх, на волю не пушчаю,–
Яны ж у белы свет употай пруць.
Пакуль дап’ю чарговы кубак чаю,
Зірну – а нейкі ўжо на “ВЕРШЫ.РУ”.

Ну, гэта ўжо не жартачкі – нахабства!
Забраўся сам дый іншых пацягнуў!
Бы блохі, распаўзлася мая “паства”.
Не ведаю – ці некалі вярну.

Калі ж перачытаю, што згубіла,
Звярнуцца вырашаю да ўрача:
У кожным – "болькі" хібаў і памылак –
Бы іглы п'яных вожыкаў тырчаць.

Глядзіце, людцы, каб не пакалоцца!
Зараза вершаплёцтва – нарката!
Падхопіце – не будзе нават моцы
Сагнаць аловак з чыстага ліста.