That's Me

Абурыўся люты

Сярэдняя: 4.5 (2 галасоў)
01_khaver_kors_tutby_20130315_1629.jpg

Абурыўся люты на вясну,
што ў яго пасмела ўладу ўкрасці, –
наўздагон ёй снегам сыпануў
і пургой зямлю і неба засціў.

Так пачаў мяцеліць белы свет
і хлыстаць, як пугай, завірухай,
што з усіх бакоў завеі ўслед
загулі раз’юшаныя мухі.

Наляцелі шэранню з бяроз,
абляпілі твар, нібыта восы,
закусалі шчокі, вусны, нос
і ўзвіліся роем у нябёсы.

А залётны шторм асатанеў:
у адно вясновае імгненне
заляпіў агеньчык у акне,
што сачыў за светапрастаўленнем.

І, бадай, гадзін да дзесяці,
за амаль паўдня такога шалу,
замяло ўсё так, што не прайсці –
каб вясна не надта шчыравала.

16.03.2013

Шторм Хавер. Беларусь. 15 сакавіка 2013