That's Me

Альбіноні. Адажыа.

Сярэдняя: 4.5 (2 галасоў)
66846755240112.jpg

Альбіноні… Адажыа… Скрыпка…
Несуцешна рыдае прастора.
Як жа ўсё прыжыццёвае зыбка!
Як ад радасці блізка да гора!

Толькі кветка пялёсткі расправіць
і зірне небу сіняму ў вочы –
як зляціць… і пакіне, як замець,
жменьку смецця ў далоні дзявочай.

Толькі ранкам успыхне надзея
і праменьчык блісне праз аблокі –
як раптоўна душа халадзее
і цішэюць аслаблыя крокі.

І нявечнае плачацца ў вечнасць
пра ўсё тое, што хутка мінае:
пра адмераны век чалавечы,
пра мароз у квітнеючым маі,

пра скаваныя лёдам жаданні
і ў кайданы закутыя рукі.
пра бясконцую муку кахання
пад сякерай расстання-прынукі.

Пра самое жыццё, дзе пакуты
азараюцца ўспышкамі шчасця.
Альбіноні… Адажыа… Смутак…
Як апошняе ў свеце прычасце.

21.04.2013

Альбіноні. Адажыа. http://www.youtube.com/watch?v=hLzosurZNAY&feature=player_embedded