That's Me

Бяда, сябры мае! Бяда!

Сярэдняя: 5 (7 галасоў)

Бяда, сябры мае! Бяда!
Хварэе ўсё: зямля і нетры.
У нас усё брудней вада
І ўсё задушлівей паветра.

Вакол дымліва ад машын,
Ад прамысловых труб заводаў.
Набытку маем на грашы,
А на мільярд гняцем прыроду.

Дзічэе луг, радзее бор
Бяднее глеба паступова.
А чалавек, нібыта мор,
Свет перайначвае нанова.

Ссушае багнішчы балот,
Злівае “хімію” ў крыніцы
І ўсё шукае, абармот,
На чым яшчэ яму нажыцца.

Знішчае рэкі і лясы,
Жывёл і птушак не шкадуе –
Усё цішэй іх галасы
І ўсё радзей іх вуха чуе.

Як церпіць матухна-зямля?
Ці выбачае здзекі дзецям?
Сама ж хварэе спакваля:
То неўраджай, то ліхалецце.

Цунамі, павадкі, дажджы,
Вулканы, ліўні, землятрусы…
Ратуйце, людзі, стан душы –
Каб не стагнаць у горшай скрусе!

У ціхім жаху – ці жыццё?
АЭС: Чарнобыль, Фукусіма…
Але і гэта шчэ не ўсё,
Пакуль гвалтуем свет ранімы.

Ён нас і топіць, і пячэ.
А што наперадзе чакае?
Няўжо не чуеце яшчэ:
Зямля – крычыць! Яна – жывая!

25.03.2011