That's Me

Дакараю сама сябе ў скрусе...

Яшчэ не ацэнена
motivator4431984.jpg

Дакараю сама сябе ў скрусе,
Што не маю дагэтуль ГурУ:
Век жыву на зямлі – век вучуся,
Але, пэўна, дурніцай памру.

І, здаецца ж, сябе нагружала
Ношай спраў – і заўжды “на ура”,
І ляноты пякельнае джала
Выціскала старанна з нутра,

І чытала разумныя кніжкі,
І жыццё планавала сабе:
Хай не мець аніякага лішку,
Але ў радасці жыць, не ў журбе.

Але вось – анічога не маю
За даволі пустэльнай душой.
Бы матыль дзіўнаваты, лятаю
Па-над явай – штодзённай імжой.

А дзе розум, дзе сэрца багацце?
Дзе здабытак, дзе шчасце, дзе ўсё?
Анічога каштоўнага ў хаце,
Ды й сама – недарэка-дзіцё.

Толькі думкі збягаюць па твары
Ад святла да другога святла:
“Што жыццё? Літаванне ці кара?”
"І навошта наогул жыла?”

7.11.2011