That's Me

Дзіравы чорны парасон

Сярэдняя: 5 (1 голас)
Estrelas 1.jpg

Каб захаваць дрымотны сон
Зацалаваных сонцам ніў,
Руплівы жнівень парасон
Увечар звыкла расчыніў.
Раскінуў цемру, бы крыло,
Імгой сутонне ахінуў –
І здзьмуў і спёку, і святло
На край зямлі, ўдалечыню.

Ах, неба чорны парасон –
Душы нячайнае прычасце!
А ці Зямлю ўратуе ён?
Ці прынясе камусьці шчасце?

Гарачы дзень спаліў сябе
Ў абдымках стрыманай начы
І апасля кудысьці збег,
Каб ейны сон не апячы.
А зверху ўпотай маладзік
За ўсім цікаўна паглядаў –
Ды свой сярпок, нібыта цвік
У тканку чорную загнаў.

Праткнуты чорны парасон
Нябёсаў велічных не засціць.
А ці Зямлю ўратуе ён?
Ці прынясе камусьці шчасце?

А потым зорачкі – мільён –
Так зазірнулі ў шкло ракі,
Што прапалілі парасон –
Зрабілі дзіркі-светлячкі.
Праз сіта зорнае ў палі
Да закаханых у мурог
Выскокваць знічкі пачалі.
На шчасце, кажуць, далібог!

Дзіравы чорны парасон
Такі стары - не будуць красці.
А ці Зямлю ўратуе ён?
Ці прынясе камусьці шчасце?

23.08.2011