That's Me

Калі б...

Яшчэ не ацэнена
1239951745_leaves.jpg

Калі б мы ўбачылі кіно сваіх учынкаў –
анімацыйную карціну сябелюбства –
і на люстэрках паімгненных фотаздымкаў
зафіксавалі непазбежныя наступствы,
маглі б, напэўна, ускрываць сваечасова
недасканаласцяў назойлівых нарывы
і, з існавання выціскаючы высновы,
у жыццяпіс уласны ўносіць карэктывы.

Калі б чыталі думкі ў одуме, бы кнігі,
і за свабоду слова йшлі на амбразуру,
і на пісьмо сваё накладвалі вярыгі
любові божай, а не здзеклівай цэнзуры;
і каб шукалі, як вады ў пустыні, волі,
а не фальшывых тлумнай сытасцю ідылій,
магчыма, гэты свет змяняючы паволі,
мы б і ў сябе душу на лепшую змянілі.

Калі б вышэй свае пачуцці падкідалі,
накшталт адчуўшых смак палёту птушанятаў,
і, не хаваючыся ў бульбу ад рэалій,
гаілі сэрца ўсім, што велічна і свята;
сваю зямельку, як матулечку, любілі б,
і не кідалі, і не здраджвалі ніколі,
а праслаўлялі край у росквіце і сіле –
напэўна, вартыя былі б інакшай долі.

23.01.2013

  • Гады творчасці
 
  • Апошнія водгукі
 
  • Нашыя сябры
 

Нашыя праекты