Калі б гадам зваротны бег надаць
І час лічыць у іншым накірунку –
Вось гэтак:
сорак,
трыццаць,
дваццаць пяць…
І так далей да першых пацалункаў,
Да першых мук падлеткавай тугі,
Да адчуванняў дзіўных, апантаных –
Калі ірваўся боль праз берагі,
Але і шчасце ўзлётвала фантанам.
Тады было б што сэрцу святкаваць
У дзень народзін з блізкімі, сябрамі.
Бо шчасней жыць, чым тупа даглядаць
Апошні акт жыцця – смяхотнай драмы.
І лепш згарэць у полымі любві
Ці задыхнуцца ў марыве абдымкаў,
Чым прымушаць струхлелае: "Жыві!"
І фіксаваць гады на фотаздымках.
Ды толькі Творца вырашыў інакш:
"Няхай яшчэ патлеюць небаракі!"
І хвацка цягне ўзрост няўмольны наш
Да нейкай ім праведзенай адзнакі.
Але і там, у той далечыні,
Куды глядзець і моташна, і сумна,
Гучыць пытанне: "Ну, й нашто жылі?
Ці быў працяг карысным і разумным?"
11.10.2011