That's Me

Калі спіна да глебы хіліцца...

Яшчэ не ацэнена
76cf450cda67.jpg

Калі спіна да глебы хіліцца
Пад ношай стомы і нуды,
Ўжываю крыж свой нібы мыліцу –
І ён ратуе ад бяды.

То за яго ў імгле трымаюся –
Павадыром раблю сваім,
То ў ясны дзень абапіраюся,
То адганяю гора ім.

То б’юся з нейкімі напасцямі,
То баранюся ад спакус,
То па ім стукаю – каб шчасціла –
Бы заключаю з ім саюз!

Дзе прытулюся, дзе схаваюся,
Дзе ім, бы палкай, пагражу.
Хоць пад цяжарам трохі маюся,
Але ж ахоўваю душу!

А мо, на тое крыж і ўскладзены
На плечы кожнаму з людзей –
Каб быць не карай, Богам дадзенай,
А падмацункам у хадзе?

24.09.2011