Турбую Музу: "Ну давай напішам верш!
Ты так даўно са мною разам не стварала!"
Але яна ў адказ мне крывіцца: "Найперш
Ты пакармі мяне – дай хлеба з лустай сала!"
"Ды што ты, мілая! Не маю. І не ем.
Бо я, прабач, – ахвяра вегетарыянства."
Не верыць Муза. Што ёй, Музе, да праблем!
Яна – прыхільніца абжорлівасці й п'янства.
Я прапаную ёй кавалак пірага
Ды агурок салёны побач выкладаю,
Але яна махае сумна: "Ні фіга!
З такой дыетай вершаванкі не складаю!"
Спрабую штосьці самастойна напісаць,
З сябе, бы сок, пустыя рыфмы выціскаю,
Але на выхадзе няма чаго шукаць.
Ва ўсякім разе, даражэнькія, не раю.
Вось дапішу апошні вершык – і звярну
Свае да смешнага дарэмныя патугі.
І буду слухаць з асалодай цішыню –
У два свае не-Музы-калістыя вухі.
24.10.2011