That's Me

Мне нельга памерці...

Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

Мне нельга памерці. Ніяк. Ну, хаця б да тых пор,
Пакуль не прыдбаю абутак сабе і адзенне.
У драных шкарпэтках, напэўна, не прымуць у морг –
З іх будуць смяяцца і ўрач, і нябожчыкаў цені.

Мне нельга памерці. Бо трэба яшчэ зарабіць
На месца, на крыж, на вяроўку і на адпяванне.
Усё-ткі танней сёння, хоць бы і блага, ды жыць,
Чым нешта з зарплаты адкласці на дзень пахавання.

Мне нельга памерці, пакуль не збяру на труну
І на катафалк, што на могілкі вывязе цела,
На стол памінальны, як будзе каму памянуць
Дурніцу-душу, што ўсё нейкага шчасця хацела.

Мне нельга памерці. Таму я дагэтуль жыву.
І жыць намагаюся доўга – амаль што бясконца –
Пакуль не згублю ў ліхалецці сваю галаву
З наіўнаю верай, што цемра – заспанае сонца.

15.02.2011