That's Me

Не надыхацца, не наталіцца...

Сярэдняя: 4.8 (4 галасоў)
tb26164.jpg

Не надыхацца, не наталіцца
Мнагаснежнай віхурнай зімой!
Смакатой маразоў не напіцца,
Не найграцца завеяй шальной!

Не нацешыцца казачным пухам,
Што ў далоні, бы свята, ляціць!
Не наслухацца злой завірухі,
Калі стане па-воўчаму выць!

А на сонейку раніцай золкай
Не знайсці прыгажэйшага шоў,
Чым яскравае ззянне вясёлкі
Ў крышталёвых радках ледзяшоў

І пабеленай густа прасторы,
Што нагадвае ў квецені сад,
І зіхотнага белага мора,
Што ўяўляе сабой далягляд.

Наваколле – зямля і нябёсы –
Выклікае дзівосны экстаз:
Дываны-саматканкі з начосам,
І прасцін дыяментавы бляск,

І карункі ірландскія шаці
На галінках настылых бяроз,
І бахматая шапка на хаце,
І заспаны на вокнах мароз,

І вясёлыя дзеці на ганку,
І на дрогкім кусце снегіры,
І канькі, і нястомныя санкі,
Што, як пёркі, злятаюць з гары…

12.12.2010

Верш добры і прыгожы, але ж

Верш добры і прыгожы, але ж зноў памылкі..."А на сонейкЕ..." Трэба "на сонейкУ"