Непрачытаны ліст. Недастаўлены поштай.
Трохвугольнік зжаўцелы. Пасланне з вайны.
Ён, здаецца, не мае ніякага кошту –
Нібы выкапень-прывід сівой даўніны.
Хто пісаў і калі? І ў якія мясціны
Быў занесены аўтар таропкіх радкоў?
Ад каго тая вестка – ад мужа, ад сына?
Ці жывы хтось дагэтуль з былых радакоў?
Іншым часам прапахла старая папера.
У чужую зямельку зарыты салдат.
Ды пісьмо захавала пісаўшага веру –
Што калісь атрымае яго адрасат.
Што далёкай любімай пяшчотныя рукі
Будуць лашчыць бясконца бясцэнны лісток,
І ўначы цалаваць, і таміцца ў разлуке,
І гаротна шаптаць:“Уратуй яго Бог!”
Прамільгнулі гады, адгуло ліхалецце.
У штодзённых трудах невядома, калі
Састарэлі загінуўшых воінаў дзеці,
Неўзабаве і праўнукі ўжо падраслі.
Як успрымуць яны палымныя словы?
Ці сагрэюцца сэрцы пасланнем “з вякоў”?
Непрачытаны ліст… з недасланай любоўю…
Спадзяецца на нашу, нашчадкі, любоў…
11.07.2012
Цудоўны верш! Тэма вельмі
Цудоўны верш!
Тэма вельмі блізкая мне, бо мой дзед загінуў на вайне ў жніўні 1943. Шмат гадоў мая бабуля, бацька, цётка шукалі яго магілу. Загінуў ва Украіне, але населеныя пункты там змянілі назвы... Мы нават ездзілі машынай туды...
І паўтары месяцы таму праз сайты пошукавікоў я знайшла дакладнае месца пахавання дзеда. Аказалася, што пасля вайны ўсіх, хто быў пахаваны там, перазахавалі ў вялікую агульную брацкую магілу ў суседняй вёсцы. Мне даслалі нават здымак яе...
Мару сабраць грошы і з'едзіць да дзеда...
Дзякуй, Таццяна, за цудоўны верш!
З павагаю,
Ангеліна Дабравольская.
Дзякую, Ангеліна! Поспехаў
Дзякую, Ангеліна! Поспехаў Вам! Няхай здзейсніцца Ваша мара.
Таццяна