That's Me

Памяці Соф'і Шыбека

Сярэдняя: 5 (1 голас)
20130123_104652.jpg.jpg

Зборнік вершаў. Малая пясчынка
ў неабсяжным, дзівосным сусвеце.
А на вокладцы – фота дзяўчынкі –
цуд гарэзлівы ў сонечным леце.

Вусны банцікам. Вішанькі – вочкі.
Броўкі – пёркамі. Погляд пястушкі.
Вецер шэпчацца ў косках дзявочых:
“Гэта ж, пэўна, паэткі дачушка?!

Тая кветка, што ўсмешкай натхняла
і была слухачом самым першым,
калі маці ўначы калыхала
і спявала чароўныя вершы.”

Зацікаўлюся. Кніжку адкрыю.
Дакрануся да кожнай старонкі.
І давераць мне словы жывыя
свет жанчыны – матулі і жонкі.

Кім была, чым жыла, што любіла,
як штодзённасць прымала на плечы,
дзе знайшла лебядзіныя крылы,
каб да сонейка ўзняцца з цямрэчы.

Як таемна люляла напевы,
што сыходзілі святам з нябёсаў,
апявала аблокі, і дрэвы,
і світанкі ў агеньчыках росаў.

Падбірала акорды сугуччаў
і запісвала іх, як умела…
Ды жыццё птушкай раненай з кручы
ў незваротную бездань зляцела…

Дагартаю. Душой. Дачытаю.
Бы дап’ю. Да апошняга слова.
Памяну. Як магу. Тым, што маю.
Зберагу іскры шчасця былога.

Прапаную сасмагламу свету.
Хай гавораць старонкі нямыя!
Хто сказаў, што канаюць паэты?
Не! Яны ў нашых сэрцах – жывыя!

21.01.2011

  • Гады творчасці
 
  • Апошнія водгукі
 
  • Нашыя сябры
 

Нашыя праекты