That's Me

Павучок і муха

Яшчэ не ацэнена
tb16319.jpg

На зялёненькі дубок,
Што расце за дальнім лесам,
"Прыдубіўся" павучок –
Непаседа і гарэза.

Ўсё агледзеў там і тут
І за нейкую гадзіну
Павуціння парашут
Нацягнуў паміж галінак.

Толькі сеў, каб адпачыць
Ля сатканай лоўка хаты,
Як аднекуль жук ляціць –
Гэткі важны і рагаты.

Павітаўся з павучком,
Пра надвор’е пагутарыў,
А пасля – бачком, бачком –
Зноў зляцеў кудысьці ў хмары.

Павучок крыху паспаў,
Павалэндаўся, паснедаў.
Ды зусім засумаваў
Без сям’і і без суседа.

– Мне б ды сябра для душы
Ці вясёлую сяброўку!
Я б, напэўна, не тужыў,
І не жыў бы гэткім воўкам!

Толькі так ён пажадаў –
Бы шапнуў каму на вуха –
Як з суседняга ліста
Да яго зляцела муха.

– Прывітанне, павучок!
Мо паклічаш даму ў госці?
Пад сабой не чую ног –
Так стамілася я штосьці!

– Ну, канечне! Ты заходзь!
Я гасцям заўсёды рады!
Не захочаш есці, хоць
Напаю цябе гарбатай!

Дзень гасціла муха, два –
Смачна ела, мякка спала,
Ўсё змятала са стала,
І гула, і рагатала.

Павуцінне ёй – батут:
Запаўзае – і ў падскокі.
Тыдні, месяцы… Прысуд?
Як цярпець такое? Колькі?

Павучок і сяк, і так:
“Не пара табе дадому?”
А яна ў адказ: ”Нішцяк!
Мо пайсці табе самому?”

Ад нахабства павучок
Скамянеў – нібыта ў коме,
Ды, прысеўшы на лісток,
Шчасце колішняе ўспомніў.

Вось цяпер бы, ды – туды,
Каб ад госцейкі схавацца.
Мо сысці? Такой бяды,
Што няма куды дзявацца!

Крутануўся – і зляцеў
На зямлю на тонкай нітцы,
І пабег, куды глядзеў –
Каб хутчэй пра ўсё забыцца.

З той пары пайшло: павук –
Уладальнік павуціння –
Найвялікшы вораг мух
І сяброўства супраціўнік.

2.10.2010