That's Me

Перагортваю тыдні...

Яшчэ не ацэнена
tb47304.jpg

Перагортваю тыдні – жывыя старонкі
Недачытанай кнігі пад назвай “Жыццё” –
І не хцівым дарослым – цікаўным дзіцёнкам
Паглядаю наперад: ці гэта не ўсё?

Праглынула дзяцінства, мінула юнацтва,
Дачытала да сталасці ( ўлезла ў сюжэт) –
І цяпер вырашаю, як тут затрымацца,
Каб яшчэ хоць крыху падзівіцца на свет.

То радочкі смакую, то будняў малюнкі
Ўжо амаль абыякава мелькам гляджу,
То шукаю ў святле для сябе паратунку,
То імглой настаўляю дурніцу-душу.

Не чытаю – бягу, нібы ў коле вавёрка,
А навокал мільгочуць абзацамі дні
І злятаюць нядзелі ў далоні, як зоркі –
Зіхатлівыя знічкі сярод мітусні.

Час пясочкам ссыпаецца: быў – і не стала,
І пад ногі ўжо коціцца лёс-дыямент…
А я ўсё не спыняюся, веку мне мала:
Ухапіла жыццё – і зачытваю ўшчэнт.

Засталося адно – не сысці ў «Эпілогу»,
Не змахнуць у адчаі лісты са стала…
З невымоўнай тугой аглядаю дарогу
І ў пустэчы пытаю: «Няўжо я жыла?»