That's Me

Пераклад. Псалом 21

Яшчэ не ацэнена
71067.jpg

Божа мой! Божа мой! Знаць бы мне…
Для чаго Ты пакінуў мяне?
Так далёка ад слыху Твайго
крык збалелага сэрца майго!

Божа мой! Ноччу й днём галашу!
Ты маўчыш. Ці адрынуў душу?
Ці не чуеш мой плач? Божа! Ты –
для дзяцей сваіх – Пастыр Святы!

На Цябе аднаго ўсе вякі
спадзяваліся нашы бацькі.
Ты нязменна мальбу іх прымаў,
ад тугі, ад бяды ратаваў.

Я ж – чарвяк, быццам не чалавек,
заслужыў толькі злобу і здзек.
Хто ні йдзе, вечна кпіць нада мной
і ківае ў мой бок галавой:

“Гэта – той, што ўсё Бога між спраў
нібы тлумны вар’ят прызываў.
Хай жа Бог і ўратуе яго –
недарэчнага сына свайго!”

Мой Гасподзь! Я Твой боскі закон
ад матулі ўсмактаў з малаком.
Не кідай жа адчайнай душы!
У далоні Сваёй зберажы!

Львы й цяльцы акружылі мяне,
і ў палон захапілі мяне,
і наставілі рогі й клыкі,
і у цела ўвагналі цвікі.

Я праліўся, нібыта вада,
што сачыцца слязой з-пад ільда.
Косткі сталі мае парахнёй
пад нападамі зграі ліхой.

Сіла ссохла, нібы чарапок.
Смага ёсць – немагчымы глыток.
Пэўна, час мой апошні прыйшоў –
смокча смерць ненаедная кроў.

Я – заложнік у зграі сабак.
Не адбіцца ад іх аніяк.
Дзеляць рызы маё між сабой
і не грэбуюць плоццю маёй.

Моц мая! Мой Гасподзь! Не адрынь!
У пакутах мяне не пакінь!
Адхілі востры меч, утрымай!
Нат у клетцы са львом выжыць дай!

Буду пець пра цябе між братоў,
славасловіць, узносіць любоў:
“Усхваліце, народы, Яго –
міласэрднага Бога свайго!

Ён не кідаў дзяцей у бядзе
анікога – ніколі, нідзе!
Ён – Ахоўнік, Збавіцель для нас,
наша Крэпасць, Прытулак, Абраз .”

Я Табою хвалюся, Гасподзь!
Ты сілкуеш і дух мой, і плоць.
Хай уславяць усюды Тварца –
ўсемагутнага Бога-Айца!

Хай жа прыйдуць усе да Цябе –
і у шчасці, і ў смутку-журбе,
і паклоняцца перад Табой
і даверацца волі Тваёй.

Сапраўды! Царства Божае ёсць
для таго, у каго Ён – не госць!
Калі ў сэрцы ёсць Бог, чалавек
будзе дзіцем Гасподнім – навек!

Выток - выдэа: http://otveti.org/tolkovanie-biblii/psaltir/21/

Шаноўныя сябры! Буду рада крытычным заўвагам наконт перакладу.

  • Гады творчасці
 
  • Апошнія водгукі
 
  • Нашыя сябры
 

Нашыя праекты