That's Me

Прытча пра крыўды

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)
jpg.jpeg

Жыў на Усходзе некалі мудрэц,
Які на розум вучняў настаўляў:
“Каб аніякай злыбеды не мець,
Я раю вам паміж надзённых спраў

Заўсёды помніць ісціну адну:
Калі вас людзі будуць абражаць,
Не заганяйце крыўду ўглыбіню,
Каб не з’ядала, нібыта іржа.

Калі ж кагосьці злоснікі-хлусы
Абвесцяць дурнем, бездарам, рабом,
Глушыце смехам кпінаў галасы
І не травіце крыўдамі нутро.

Бо толькі поўны дурань назаве
Кагосьці дурнем - каб мудрэйшым стаць,
І толькі раб залежнасці свае
У кімсьці блізкім возьмецца шукаць.

І толькі бездар бездараў ва ўсіх
Упарта бачыць дробязнай душой -
Каб выдзяляць сябе на фоне іх
І насаджаць уласны “талент” свой.

Таму глыніце мудрасці нагбом:
Не трэба крыўдзіць альбо крыўдаваць -
Каб не праслыць ні дурнем, ні рабом,
Ані сябе ў бяздарным не пазнаць.