That's Me

Прытча пра лёс.

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)
tb36758.jpg

Жылі калісьці ў вёсцы тры сястрычкі.
Адна была пустой, гультаяватай,
Другая – нуднай злюкай-істэрычкай,
А трэцяя - прыгожай і рукатай.

Аднойчы ім сустрэлася жанчына
І, Лёсам іх назваўшыся, сказала:
“Ну, вось, вы і на выданні, дзяўчыны!
Пара шукаць вам суджаных настала!”

Яны каня запрэглі, ў брычку ўлезлі,
Паехалі, куды глядзелі вочы…
Па свеце мары сціплыя павезлі -
Каб кожнай адшукаць свой лёс жаночы.

Даехалі да вёскі да бліжэйшай.
А там - каваль прываблівы працуе -
Усіх вакол спрытнейшы, разумнейшы,
За ўсё бярэцца, ўсё рабіць спрабуе.

“Вось – твой жаніх!”, – жанчына абвясціла,
Схіліўшыся да першай маладзіцы,
І на зямлю да шчасцейка ссадзіла,
А іншым загадала не журыцца…

Да вёсачкі наступнай падкацілі,
Спыніліся ля самай лепшай хаты -
І выйшаў да гасцей ганчар-хлапчына –
І добры, і цярплівы, і спагадны.

“Вось – твой!”... І Лёс сярэднюю сястрыцу
Нявестай ганчаровай пакідае,
Каб з трэцяй - прыгажуняй не спазніцца
Туды, дзе яе суджаны чакае…

Ды вось... і ў іх наперадзе ўжо вёска…
А там на ганку хатачкі-крывулі
Ляжыць гаротны п’яніца ў абносках
Ля ног старэнькай, зморанай матулі.

"А гэты – будзе твой…" Па волі Лёсу
Дзяўчына ледзь не ўпала на калены…
Сцякаюць – не спыніць - струменем слёзы:
“За што мне самы горшы, самы дрэнны ?

Сястрыцы самых лепшых хлопцаў маюць!
Чаму мне Бог такога не падкіне?
Няўжо няма?”
Лёс ціхенька ўздыхае:
“Знайшлі б… Ды без цябе… вось гэты згіне…”