That's Me

Рака жыцця

Яшчэ не ацэнена
8996700442_3c4108b6f5.jpg

Рака жыцця у рамках берагоў
па плыні несла лодачку павольна
у акіян.
Але…
Але любоў
шалёным ліўнем хлынула свавольна.
Працяла спрэс, да дна, змяніла курс,
адняла вёслы, знесла на парогі,
уліла так, што лекі – мёд спакус –
звяла ў атруту: «Пі! Так хочуць Богі!»
І асляпіла вочы туманом,
і зацягнула сонейка ў аблокі,
каб у сутонні ззяла ноччу й днём
адно свяціла – вобраз яснавокі.
І закружыла хмелем галаву,
у вір страсцей каварна заманіўшы,
і давяло ілюзію:"Жыву!!!"
да дзіўнай думкі: глупства – плыць, не жыўшы.
Марскім вузлом звязала дзве душы,
каб не маглі расстацца – ці навечна? –
й грымнула громам: “Любіш? Саграшы!”
І нелюбоўю стрэліла сустрэчнай.
Забі…
забіла…
Жыць?
Маланкі стрэл
скрывавіў сэрца, вымучыў, знясіліў
і ўраз пазбавіў веры ў міражы –
ужо не важна –
колькі там пад кілем.
Як боль адолець? Ціха патануць?
Загаласіць, завыць: “Каханне, годзе?!”

Я ледзь плыву. Вакол –
туга і муць.
А берагоў
няма –
вясна, разводдзе.

23.06.2013.