That's Me

Сакавіцка-эратычнае.

Яшчэ не ацэнена
0_6253f_bc29381e_XL.jpeg

Вясна! Эротыка і порна!
Равуць каты.
Дзяруць вароны крыкам горла
Да хрыпаты.
Распусна ляпаюць “ляпніну”
На капялюш
І з палкай страсцю ў ручаінах
Прымаюць душ.

Зямлю пакуль што маразякай
Пячэ ўначы,
Ды цноту зімнюю ніяк ёй
Не зберагчы.
Праменні сонейка юрліва
Ўзбуджаюць кроў,
Цалуюць глебу пад гуллівы
Напеў вятроў.

І што рабіць з такім жаданнем?
Жыццё – імпэт!
Вясна хвалюе заляцаннем
Ажыўшы свет.
І ён каханнем ажно пыша –
Бо ачмурэў
Ад сексуальнасці пупышак
На целах дрэў.

І ў ледзяшоў тлум сакавіцкі –
Любоўны жар.
Іх сонца ціскае за цыцкі,
Нібы даяр.
Душа іх млее і сцякае
З празрыстых вуд.
Вясна ідзе! Яна – такая:
Сапраўдны цуд!

8.03.2012