That's Me

Сакавіцка-хмельнае

Яшчэ не ацэнена
20130123_132629.jpg

О, як салодка ранкам сакавіцкім
напоі сцюжы весняй смакаваць –
смактаць паветра, моцнае, як віскі,
і ап’яняцца сонцам і вятрыскам,
бы каньяком армянскім – зорак пяць.

І ціха млець ад ззяння дыяментаў –
капежных сокаў з бутляў ледзяшоў,
і адчуваць на вуснах смак абсенту,
і наталяцца радасцю дашчэнту,
і спазнаваць да існага любоў.

Пасля сысці ў настоеныя рэшткі
лясных іголак, лісця і галля
і, заблукаўшы ў трох ствалах ад сцежкі,
адведаць пах настойкі Белавежскай
і зразумець, як кружыцца зямля.

А на пахмелле вечарам празрыстым
з замілаваннем цешыцца гульнёй
у ручаях шампаніста-ігрыстых
бліскучых рыбак – промняў залацістых –
і апівацца весняй цеплынёй.

19.03.2013