That's Me

Сатры тугу...

Сярэдняя: 5 (1 голас)
00015986.jpg

Сатры тугу на ўласным твары,
Змяці ў нябыт благія дні!
І ў чараўнічых акулярах
На свет па-новаму зірні.

Забудзь пакутлівае “ўчора”,
Пазбаўся гора і няўдач, –
І беспрытульную прастору
Ў ружовай зменлівасці ўбач.

Хай праз малінавыя шкельцы
Табе ўсміхнецца небасхіл –
І знікне ў сонечным цяпельцы
Былой нуды наносны пыл.

І кожны дзень, нібыта ўлетку
З паветра радасць удыхай –
Як лес пяе, і пахнуць кветкі,
І грае блікамі рака…

Шукай вакол праявы шчасця –
Ва ўсім звычайным і зямным –
І не заўважыш, калі здасца:
Яно – ў табе, а ты – у ім.

Не думай, што неверагодна
Ў штодзённым вечнае набыць!
Жыццё – бы зебра… Час – праходны…
Ды як салодка ў свеце жыць!

17.11.2011