Дні жыцця – уверцюра да смерці:
Ад народзін і першага плачу
Да апошняга тахкання сэрца
І апошняй жыццёвай няўдачы.
Паміраем. Штодня. Паступова.
Гэта – лёс. Гэта – крыж чалавека.
Паміраць, як гавораць, не нова,
Але мы і ў скананні – няўмекі.
Бо чапляемся сквапна за цела.
Пра душу, як заўжды, забываем.
А яна з абалонкі здранцвелай
Рвецца птушкай у неба – жывая,
Ззяе промнем у хвалях паветра,
Сыпле знічкі ў паўночныя травы,
Адмярае ў нябыт кіламетры.
Ёй не страшна, ёй нават цікава.
Дык ці варта ж утрымливаць сілай?
Хай ляціць сабе з Богам да Бога.
Бо і смерць, што канцом абвясцілі, –
Уверцюра жыцця незямнога.
10.08.2011