Што ні лета – у доме “вячоркі”,
Што ні ноч – невыносныя мукі :
Праз усе расхінутыя форткі
Нібы злодзеі, ломяцца гукі.
Роў бензінавых монстраў і крыкі,
Гучны рогат , бразджанне гітары,
Мацяршчына, шал гульбішча дзікі –
На маленькай пляцоўцы ля бара.
Ні гудзенню назойлівай мухі,
Ані піску мышэй не прабіцца
Праз дуэт шызакрылай пяюхі
І такога ж упітага “прынца”,
Не заснуць. Нават і не спрабую.
Пажынаю дары чалавецтва.
Мне б на вушы падушку якую,
Каб пазбавіцца гэтага бедства.
Каб стрымацца ад кідання зверху
Усяго, што знайду пад рукою.
Тлумны горад. Ачмураны вэрхал.
А як хочацца трохі спакою…