That's Me

Вядома здаўна...

Сярэдняя: 5 (3 галасоў)
chleb5.jpg

Вядома здаўна: маладзечанцы — ветлы народ.
Вітаюць гасцей, як заведзена, хлебам і соллю.
І водарам хлеба духмянага. Хлебазавод,
як лепшым напоем, штодня ім частуе наўколле.

Калі б вы, сябры, ні прыехалі ў госці да нас,
у наш малады, як заўжды, гарадок Маладзечна,
у краме любой вас чакае прысмакаў запас —
усё, што нязменна ствараюць карміцелькі-печы.

Тут — мора смачнОга, на самы "гурманісты" густ:
пірожныя, кексы, пячэнне, тарты і каўрыжкі,
і хлеб — усяму галава. І паўбохана — з луст.
І самыя свежыя, цёплыя, пончыкі, пышкі.

Тут ёсць і безэ, і дзівоснай красы каравай.
Румяны батон і смятаннікаў "зыркія вочкі"...
І столькі ўсяго... Не марудзь — падыходзь, выбірай!
Купляй — і дадому вязі — у пакетах, кулёчках!

За ўсім гэтым шчасцем — вялікі і велічны труд.
У полі — і ў будні, і ў святы няспынная праца:
ўзараць і пасеяць, дагледзець, сабраць (і не пуд!),
пасля прасушыць — і пра здачу — "Усё!" — адчытацца.

І ў горадзе: хутка прывезці, змалоць збажыну.
А потым чарга хлебапёкаў, а гэтае значыць:
замес і фармоўка, расстойка і выпечка. Ну...
і толькі пасля ўжо магчыма дажынкі адзначыць.

Прыняць хлебасольна гасцей — і гуляць дык гуляць!
А тых, хто спазніцца, карміць абаранкамі з макам...
І добра, што свята. Бо ёсціка, штО святкаваць.
Але, не забудзем сказаць пару слоў — у падзяку.

Сядаючы есці, з'яднаемся ў шчырай хвале:
і Богу-Тварцу, і радзімай зямельцы, і небу...
І ўсім, хто працуе штодня, каб заўжды на стале
было ўсталяванае царства надзённага хлеба.