That's Me

Стары скрыпач (Уладзіславу Будзько)

Яшчэ не ацэнена
23-22.jpg

Шалела скрыпка. Танчыла рука.
Яе падскокі ўлоўлівалі струны.
Стары скрыпач наярваў гапака
З запалам хлопца – радасны і юны.

Яму адказваў рэхам небасхіл
І ўся зямля плясала без аглядкі.
Дзед не іграў – ён проста гэтым жыў –
Бы не было дзесятага дзесятку.

Скрыпічны майстра, музыкі слуга –
Ці гэта лёс, ці схільнасці істоты?
Пачне іграць – знікае ўся туга
І ў небыццё сыходзіць адзінота.

Ён на любЫм вяселлі – лЮбы госць.
Яго ігра смачней любой вячэры!
А без яго не тая весялосць,
Не той запал, не тая атмасфера.

А пачалося ўсё яшчэ з пары,
Калі пачуў малечай гукі скрыпкі –
Тады ва ўсе вясковыя двары
Калядаваць прыходзілі музыкі.

Ён прагна слухаў – што за мілата?!
Чароўны плач? Не, пэўна, гэта спевы!
"Вось мне б такую," – шчыра пажадаў.
А па-над ім шапталі нешта дрэвы...

З кавалка дрэва скрыпку і зрабіў.
Пачаў іграць – старанна, ды няўмела...
А потым бацька ў горадзе купіў
І смык, і скрыпку – што душа хацела.

Якое шчасце хлопчыку было!
Ён так іграў! Іграе і дагэтуль.
Яго марэнне кветкай расцвіло
І ўсё цвіце, каторыя ўжо леты...

Чатыры скрыпкі дзіўныя зрабіў,
Іграў з ансамблем, нават у замежжы.
Ствараў настрой людзям – дзеля любві
А не за грошы, выпіўку і ежу.

Спявае скрыпка... Плача дальні лес...
Хвалююць свет узбуджаныя струны...
Стары скрыпач іграе паланэз.
Не, не стары, глядзіце – пэўна, юны!

“Што ў гуках скрыпкі?” – “ Шчасце... і жыццё...”
Адказ дзядулі варты і авацый :
"У чароўных гуках ёсціка усё,
Калі шукаць і чуць, не ленавацца…"

24.08.2011

http://zvyazda.minsk.by/ru/issue/article.php?id=84718