Трэпанацыя кахання без наркозу?
Не турбуйся. Не памру. Перажыву.
Ты мне словамі ўсадзіў такую дозу,
Што ад шоку проста знесла галаву.
Пачакай – я і сама прытомнасць страчу –
Не аглухшая – аглушаная ўраз.
Не пачуеш ані стогну, ані плачу.
Ампутуеш? Не марнуй дарэмна час!
Ачуняю – не забудзецца ніколі
Гэты, пэўна, неабходны мне урок:
Як істоту выварочвала ад болю,
Як туга валіла моташная з ног,
Як усё вакол здавалася нямілым,
Як адштурхваў і прыцягваў вобраз твой…
Боль стрываю. Мне б хапіла толькі сілы
Не сарвацца,
Не пабегчы
За табой…