That's Me

Ці вершаплёцтва не запой?

Сярэдняя: 5 (1 голас)
tb9699.jpg

Ці вершаплёцтва не запой?
Ледзь наталіўся хмельнай брагай –
І тут жа зноў на вадапой
Усё такая ж гоніць смага.

Так моцна торгае нутро
І так пісаць душу ўздымае,
Што мусіш брацца за пяро,
Хаця і слоў пакуль не маеш.

Ды дзе ў натхнення з рук урвеш,
Дзе заглынеш з прасторы фразу, –
І зноў свярбіць істоту верш
І не спыняецца, зараза!

Яго ніяк не адчапіць,
Пакуль не скінеш на паперу
І не пачне асобна жыць
І ўсё вакол сабою мераць.

Тады хвілінку адпачнеш,
Пасля – другую – пасумуеш
І зноў – ужо на новы верш –
Свае вар'яцтва накіруеш.

Ці алкаголік – графаман,
Што ўласнай волі ўжо не мае?
Ці апантаны наркаман,
Які на рыфме завісае?

Мо вершаплёцтва – не запой,
А паэтычная бадзяга?
Але чаму ж на вадапой
Усё такая ж гоніць смага?