Цямрэча заляпіла свету вочы.
Прамыць іх завінуўся лекар-дождж.
Затупаў па асфальце і пакрочыў
Па вулках і праспекце басанож.
Зацокаў табуном шалёных коней
Па плошчах навакольных і дварах,
Запляскаў задаволена ў далоні,
Загнаўшы мінака пад нейкі дах.
Загрукаў дзеля страху ў небе громам,
Маланку, бы паходню, запаліў
І шляхам, толькі ветрыку знаёмым,
Прайшоўся па абшарах дальніх ніў.
Прылашчыў, наталіў траву і дрэвы,
Змарыў пяшчотным шэптам сонны сад
І раптам, пераходзячы ў залеву,
Абрушыў з паднябесся вадаспад.