That's Me

Вераснёвае сонейка промнямі лашчыць зямлю...

Яшчэ не ацэнена
50877_PICT8119hnf.jpg

Вераснёвае сонейка промнямі лашчыць зямлю,
Размалёўвае ў чырвань і золата соннае лісце
І пяшчотай сваёй суцішае істоту маю,
Што сумуе па леце і птушкаю рвецца кудысьці.

Над спусцелымі нівамі, над павуціннем дарог,
Над шматкамі лясоў, над аскепкамі люстраў-азёраў
Мне б ляцець жураўлём , ды чамусьці не даў крылаў Бог.
Пэўна, каб утрымаць ад свавольных палётаў да зорак.

Але ўсё ж аблачынкай ружовай лунае душа –
Прагна п'е ў вышыні крышталёвай святло і спагаду
І сыходзіць у цішу алей, дзе каштанаў іржа
Пачынае гастролі чароўнай пары лістапада.

А пасля, як прастора здаволіцца лісцем гуляць
І атуліць зямлю беласнежнаю коўдрай пуховай,
Я развею тугу – і пачну існаванне з нуля –
У чаканні вясны і наступнага лета – нанова.

31.10.2011