Вяжу свой лёс – штодня, штоночы
Ствараю ўзор свайго жыцця.
Гляджу, як меншае клубочак –
Гадоў адведзеных працяг.
І бачу ўсе памылкі ў працы,
І знаю, што і як змяніць:
Сцягнуць з прутка, за нітку ўзяцца --
І тыя хібы распусціць;
Набраць нанова на пруточкі
Былога петлі – у сувой –
І ўсе апошнія дзянёчкі
Удасканальваць выраб свой.
Але быццё не перайначыць:
Усё, што звязана здавён,
Не распускаецца (аж плачу!),
А толькі рвецца ў спіцах дзён.
26.04.2012
Дзякую за верш! Мне гэта
Дзякую за верш!
Мне гэта вельмі блізка.
З павагаю,
Ангеліна.
Сёння ўбачыла знаёмае
Сёння ўбачыла знаёмае імя-прозвішча на ВЕРШЫ.РУ - Ангеліна Дабравольская.
Пачала чытаць - і адкрыла для сябе цэльны сусвет - тонкі, вясёлкавы, меладычны, незвычайны. Шмат чаго падабалася. Пасля адчукала Вашы вершы ў ПРАЕКТАХ ВЕРШЫ.РУ - многае ўразіла.
Вельмі крануў верш "Малілася Богу..." і "Што ж марыць аб пяшчоце і каханні?"
Што ж марыць аб пяшчоце і каханні?
Ад мараў – ці пабольшае любові?
Душа мая, спяшай на пакаянне –
Ужо крыж гатовы і вянок цярновы.
Шкадуеш незваротнага растання?
Тваёй пяшчоце здрады не адужаць?
Шыпы цвікоў – вастрэйшыя за ружы...
Душа мая, спяшай на пакаянне.
Самаспадман – найлепшае прызнанне...
Ілюзія збаўленню не паслужыць...
Душа мая, спяшай на пакаянне –
Гасподзень крыж урачуе ўсіх нядужных.
Напісалі нібыта для мяне. Як адказ на мае думкі. Дзякую!
Пішіце, не знікайце! Мару пачытаць Вашы новыя вершы.
Таццяна