Я адчуваю гэта і сама
І п'ю, бы лекі, горыч – праўду-матку:
Ў маіх радках паэзіі няма,
Ёсць толькі рыфмы – голыя канчаткі.
Пустыя вершы – марны словаспад.
У іх няма агенчыка жывога.
Яны не б'юцца ў сэрцы, як набат,
А шамацяць няўробленасцю слова.
У іх не знойдзеш думак глыбіні
І вышыні пачуццяў чалавечых.
На ўсіх лістах, куды не зазірні,
Нуда і бразгат, пафас і галеча.
Калі ж гартаеш "творыкі" мае –
Адзін, другі, дзесяты вершык запар,
У вочы лезе, як там не стае
Чароўных слоў паэзіі – метафар.
Як ні імкнуся выплюхнуць сябе,
Ў радках няма чуллівага трымцення,
Таму сваволіць думка ў галаве:
"Нашто ствараць не вобразы, а цені?"
Зламаю ручку. Вытрасу душу.
Аддам сябрам бялюткую паперу.
І паэтычны попел астуджу
У багне будняў – моташных і шэрых...