Як хораша! Зіма! Прыгожа, як ніколі!
Дзіўлюся на гульню завей і маразоў,
Смакую па глытку паветра і прыволле –
І сцюжа ўсё хутчэй ганяе ў целе кроў.
Абуджаная ноч вітае ранак стынню.
На вокнах зіхаціць вясёлкаю крышталь.
Іду я, а сляды дарожкай цёмна-сіняй
Збягаюць ад мяне ў заснежаную даль.
Світальнае жэле малінавага ўсходу
Спаўзае на снягоў бахматае безэ...
І радасць, і спакой, і божая лагода
Аблашчваюць душу, бы сонца, пакрысе.
Яснее небасхіл... Мільгаюць, нібы ў моры,
На хвалях насыпных іскрыстыя агні.
І ззяе, і пяе, і цешыцца прастора,
І крокамі рыпіць у звонкай цішыні...
Я кану ў гэты сон, уп'юся асалодай,
На шкельцах ледзяшоў сыграю Творцу гімн
І свята зімніх дзён запомню назаўсёды –
У сэрцы зберагу, як лепшы успамін.