That's Me

Якія слаўныя дзянькі!

Сярэдняя: 5 (1 голас)
0834afb03897a5cfd2f00e08d10d89cf.jpeg

Якія слаўныя дзянькі!
Спяваюць птушкі, сонца свеціць.
Вясна шыбуе нацянькі
Ад першатраўя да суквеццяў.

Махне рукамі раз ці два,
Нібы паказваючы фокус, –
І расцвітае сон-трава,
Пралеска, прымула і крокус.

Кране далонню сонны сад,
Падзьме на вішні і на слівы –
І аглядае далягляд:
Ці не замала пабяліла.

А недзе там напрыканцы
Красавіка – ў пачатку мая
Аднекуль з глебы дзьмухаўцы,
Як быццам сонейкі, ўздымае.

І столькі радасці нясе,
Намяляваўшы кветак вочкі,
Што цягне бегаць па расе
Сплятаць вясёлыя вяночкі,

Глядзець , як яблыня цвіце,
Як ландыш – цуд бялюткай цноты –
І адчуваць: у мілаце
Расталі клопаты-турботы…