That's Me

Зараза

Яшчэ не ацэнена
graphomania-healing.jpg

Папярэджваю адразу:
“Уцякайце ад мяне!"
Я нашу ў сабе заразу.
Хай яна вас абміне.

Гэта страшная навала
Стала ганьбішчам маім:
Не піла і не гуляла
Анідзе і ані з кім,

Але ж недзе падхапіла
Нейкі вірус – нечый грып –
І цяпер мне свет нямілы:
Не жыццё ў мяне – "загіб".

Я лячыцца спрабавала:
І хадзіла да ўрача,
І аналізы здавала,
І, таблетак апрача,

Піла літрамі касторку
І смактала валідол.
Дабралася ўжо да “горкай”
І да вадкасці “расол”.

Ужывала і жывую,
І “свянцоную” ваду…
Ды нічога не ратуе,
Не развейвае бяду.

Спадзяюся ўжо на веру
І спрабую не грашыць –
Мо ўганю ў былую меру
Ціхі шал сваёй душы?

Вы спытаеце, што гэта
За запальванне ўнутры?
Адкажу вам па сакрэту:
“Графаманія, сябры!”

Бы наркоцікі ці п’янства,
Калі ў цымус зазірнуць –
Рыфмаплёцтва, вершаманства,
Словаблуддзе – каламуць.

Нібы моль, істоту точыць
Прага моцная – тварыць.
Не дае ні днём, ні ноччу
Ад пісання адпачыць.

І таму я паўтараю
(Ці вы чуеце, ці не?):
“Анікому не параю
Заразіцца ад мяне!”

Папярэджваю адразу:
“Уцякайце хто куды!
Побач з гэткаю заразай
Недалёка да бяды!”

1.11.2011