That's Me

Завіруха малюе пейзаж...

Яшчэ не ацэнена
79424c585f0b.jpg

Завіруха малюе пейзаж –
сутыкаючы снежныя зграі,
бы мастак, уваходзіць у раж –
і стварае,
стварае,
стварае…

На палотны грунтоўку кладзе,
бурапеніць бялілам залётным –
І пільнуе, каб болей нідзе
не чарнела
галеча
гаротна.

Сее-вее мучыцу ў палях,
зацярушвае крупкаю хаты,
зледзянелыя кісці галля
апранае
ў бахматую
вату.

Сівізною кранае лясы,
белатою – азёры і рэкі,
развіхурвае ўсім валасы,
упрыгожвае
зоркамі
вейкі.

Замятае дарогі-шляхі,
узбівае вятрамі пярыны –
бы хавае людскія грахі –
перад Маці-
зямелькай
правіны.

17.12.2012