That's Me

Зноў над скрыняй паштовай...

Яшчэ не ацэнена
otnosheniya9.jpg

Зноў над скрыняй паштовай
паглядам сваім завісаю,
як да цуда гатовы
сапраўдны ілюзіяніст:
ці не з’явяцца словы,
якія так доўга чакаю –
палымняныя словы:
“Адзін непрачытаны ліст?”

Як умею, чарую,
пасланне, бы шчасце, гукаю.
Да святла вечарую,
марную і вочы, і час…
На світанні лікую:
“З’явілася! Вось яно! Маю!” –
і ў хвіліначку тую
ўпадаю ў сапраўдны экстаз.

Прадчуваючы ўдачу,
маруджу зайсці і праверыць,
хоць і верую ў тое,
што гэта пісьмо ад яе.
Быць не можа іначай!
І гэтай мне веры не ўмерыць.
Прадчуванне – святое!
О, як мне ліста не стае!

Вось, нарэшце, заходжу,
на пімпачку цісну рахмана.
Суцішаю дыханне,
набатам забіўшую кроў...
І канаю… О, Божа!
Рэклама! Ашмоцце са спама!!!
Гэта не ад каханай!!!

Саджуся... Чарую ізноў...

13.07.2012

  • Гады творчасці
 
  • Апошнія водгукі
 
  • Нашыя сябры
 

Нашыя праекты